У Віцебску адкрылася выстава пра мястэчка Лужкі, якое злучыла лёсы беларусаў і габрэяў

Выстава адкрылася ў Віцебскім мастацкім музэі. У мястэчку Лужкі, што ў Шаркаўшчынскім раёне, мінулым летам адбыўся мастацкі пленэр. Яго ладзілі ў памяць трагічнай падзеі: у 1942 годзе ў Лужках закатавалі вязьняў мясцовага гета. Па выніках пленэру ў Віцебскім мастацкім музэі адкрылася выстава «Гісторыя аднаго мястэчка. Галакост», паведамляе «Радыё Свабода». Дырэктарка музэю Вольга Акуневіч сказала, што адкрыцьцё выставы адбываецца ў сымбалічны дзень і час. 2018 год абвешчаны Годам малой радзімы, і выстава «Гісторыя аднаго мястэчка. Галакост» — першая ў цэлым шэрагу заплянаваных мастацкіх імпрэзаў на гэтую тэму.