У якую Беларусь прыехаў «Рэвізор»?

Падрабязна пра новы спэктакль Купалаўскага тэатру. У Купалаўскім тэатры на мінулым тыдні адбылася гучная прэм’ера. Клясычная камэдыя «Рэвізор» Мікалая Гогаля, зьмест якой ведае кожны школьнік, а спэктаклі паводле якой бачыў ці на сцэне, ці па тэлевізары бадай што кожны аматар тэатру, у новай інтэрпрэтацыі купалаўцаў выклікала ажыятаж. Квіткі прададзеныя на два месяцы наперад. Журналісты адрэагавалі на прэм’еру шматлікімі рэпартажамі з генэральнай рэпэтыцыі і прэсавай канфэрэнцыі пастаноўшчыка спэктакля Мікалая Пінігіна, ягонымі інтэрвію, якія дае ён ня часта.