Тадэвуш Касцюшка і руская кампанія Напалеона

Гісторыя жыцця Тадэвуша Касцюшкі захоўвае вялікую колькасць недастаткова вывучаных гісторыкамі аспектаў. Выхадзец з Беларусі, нацыянальны герой Польшчы і ЗША, Касцюшка, нягледзячы на страту Рэччу Паспалітай незалежнасці і вымушаную эміграцыю, і ў пачатку XIX стагоддзя працягваў заставацца ўплывовай грамадска-палітычнай фігурай. Бясспрэчны аўтарытэт гэтага чалавека прымусіў Аляксандра І і Напалеона Банапарта задумацца пра тое, як прыцягнуць генерала на сваю службу. Кожны з імператараў разумеў, што поспех у гэтай справе абяцае значныя дывідэнды ў вырашэнні так званага «польскага пытання».