Радасных, вясёлых, поўных Божай ласкі святаў!

Віншаванні мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне. Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія суайчыннікі! Сардэчна вітаю ўсіх Вас, у радаснае і збаўчае свята Раства Хрыстовага. Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам святкаваць гэтае свята. Чарговы раз мы становімся на калені перад ялінкай, перад фігурай немаўлятка Езуса, каб яшчэ раз паразважаць над тым, што сталася 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, калі Бог далёкі, Бог Старога Запавету, Бог можа суровы, стаўся блізкім, стаўся чалавекам. Ён прыйшоў да нас з чалавечым сэрцам, з чалавечым тварам, каб быць блізка разам з намі, каб чалавек мог яго слухаць, мог да яго дакрануцца.