І будзе вам шчасце!

Лічбавая эканоміка ў нас наперадзе, а лічбавая палітыка існуе даўно. І будзе вам шчасце! Ды як у той казцы, не простае курынае яечка, а залатое. У самай сучаснай версіі – айцішнай. Не вельмі важна, што многія з нас маюць аб гэтым вызначэнні цьмянае ўяўленне. Думаю, што ініцыятары гэтага цуду таксама не нашмат наперадзе мас. Быў анонс, была рэклама. Пасыпаліся радасныя воклічы. Таго, хто абвясціў пра доўгачаканае шчасце ледзь не гушкаць сталі. Пакуль віртуальна, але гатовы і на руках. У шумнай акцыі ёсць несумненны пазітыў. Моладзі, што падрастае, прымярае на сябе шляхі-пуцявіны, збірае парады, а кім жа лепш стаць у гэтым жыцці, дадзены моцны сігнал: “Будзьце дзёрзкімі, будзьце рашучымі, там за частаколам ангельскіх тэрмінаў схавана ваша магчымае прызванне, мара і жыццёвы рай! Для вас і для краіны”.