Жыць трэба інакш

У Беларусі за гады аўтарытарызму праўда выгнана практычна адусюль, яе месца заняла хлусня. Рэй у нягеглых выдумках вядзе правіцель. Многія людзі абураюцца або рагочуць над абсурднымі фантазіямі, ды ёсць і тыя, хто лічыць іх ісцінай. Але ўсе звыкліся з такой ганьбай, забываючыся на тое, што падмена дзяржаўнымі службоўцамі рэальнай сітуацыі цынічнай маной — гэта злачынства. Аўтакраты і дыктатары, як паказвае гісторыя чалавецтва, заўсёды вызначаюцца нахабнай хлуслівасцю. Многія з іх такімі ўрадзіліся, а яшчэ змушае сама ўзурпацыя ўлады, якую любымі спосабамі трэба ўтрымліваць.