«Шахтар» і граблі

Шматпакутны салігорскі «Шахтар» зноў наступіў на свае заўсёдныя граблі. У літоўскім Марыямпалі на апошняй хвіліне прапусьціў гол, які чарговы раз закрэсьліў магчымасьць салігорцам далей рушыць па шляху Кубка Лігі Эўропы. Турніры бываюць розныя і вынікі таксама, але гісторыя «Шахтара» ў міжнародных кубках выходзіць за ўсякія рамкі й робіцца тэмай для анэкдотаў. Каманда з Салігорску, гульню якога б клясу ні паказвала, і якое б месца ні займала ў нацыянальным чэмпіянаце, ніяк ня здолее прабіцца ў асноўную сетку міжнародных Кубкаў, зь якім бы супернікам ні сустракалася на папярэдняй кваліфікацыйнай стадыі.