Вялікая літара «Х»

У Беларусі зноў загаварылі пра мабілізацыю. Такая служба будзе ўведзеная Міністэрствам абароны. Чым яна будзе розьніцца ад таго, што існавала раней і называлася — «забралі ў партызаны», то бок выклікалі на вайсковыя зборы з запасу, сказаць цяжка. Пагатоў у мяне, як і шмат у каго ў нас, адносіны да войска збольшага іранічныя. Бо войска — гэта тая сфэра, дзе парадак і патас ушчыльную мяжуе з канфузам і сарказмам, што на прыватным, што на публічным узроўні. Як той парадны танк, што заваліў слуп на галоўным праспэкце сталіцы. Сутыкненьне такіх розных катэгорый ня можа не спараджаць дваістага стаўленьня да войска, што, у сваю чаргу, дае безьліч падставаў для жартаў і анэкдотаў.