Уладзімер Някляеў: Еўтушэнка дэкляраваў сваю беларускасьць

Адну са сваіх кніг Яўген Еўтушэнка назваў «Беларуская крывінка». Пра тое, што зьвязвала знакамітага Яўгена Еўтушэнка зь Беларусьсю, «Свабода» пагутарыла з паэтам Уладзімерам Някляевым. — Уладзімер Пракопавіч, перад нашай гутаркай я праглядзеў многія расейскія сайты і зьдзівіўся, як стрымана адрэагавала расейская эліта на сьмерць паэта, якога ўсё ж ведае кожны адукаваны чалавек у Расеі. У чым прычына такой стрыманасьці?— Еўтушэнка — складаная постаць ня толькі ў расейскай паэзіі, але і ў найноўшай гісторыі Расеі. Я ня ведаю ў гісторыі сусьветнай літаратуры выпадку, калі б выраблялі чучала, падобнае да нейкага літаратара, і спальвалі яго.