Заява 200 дзеячаў культуры

Цягам апошніх некалькіх месяцаў напружанне ў беларускім грамадстве няўхільна расце. Асноўныя прычыны — цяжкае эканамічнае становішча, ускладненае Дэкрэтам № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Незадавальненне прыняло форму вулічных пратэстаў, якія носяць выключна мірны характар. У лютым—сакавіку масавыя акцыі з патрабаваннем адмяніць Дэкрэт прайшлі ва ўсіх буйных гарадах краіны. Улады адрэагавалі часовым прыпыненнем дзеяння Дэкрэту № 3. Разам з тым пачаўся пераслед удзельнікаў і ўдзельніц нават дазволеных масавых мерапрыемстваў, а таксама журналістаў і журналістак недзяржаўных СМІ.