Ня трэба шукаць чорную котку ў пакоі, дзе ёсьць толькі Лукашэнка

Хопіць шукаць «змовы» там, дзе галоўны змоўшчык адзін. Палітызаваная публіка знайшла сабе новы занятак — распрацоўваць кансьпіралягічныя тэорыі пра змовы сілавікоў супраць Лукашэнкі і — традыцыйна — пра расейскі сьлед у апошніх падзеях. Чытаеш шматлікія допісы на гэтую тэму і хочацца сказаць: «Сапраўды, ня ўсё так проста. Усё значна прасьцей». Калі бачу заявы, што, маўляў, Лукашэнка ня ведае, што адбываецца, а сілавікі падсоўваюць яму няправільную інфармацыю, то задаюся пытаньнем: ці гэта шчырая наіўнасьць паводле прынцыпу «обмануть меня не трудно, я сам обманываться рад», ці проста людзі «на заробку» і сьвядома абгрунтоўваюць пэўную «ўстаноўку».