Як спорт вучыць «чуць віры свае»

У спартыўным кантэксце ўсё не зусім кепска з беларускай мовай. Адразу папярэджу, рэзананснае выказванне Васіля Кірыенкі не паўплывала на асабістае стаўленне да атлета: Кіры — па-ранейшаму выбітны раварыст і, падкрэсліваю, беларус. Для большасці суайчыннікаў сёння нацыянальнасць — гэта грамадзянства, людзей яднае агульная арганізацыя жыцця на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве, але не адчуванне прыналежнасці да пэўнага этнасу, знітаванага мовай і здабыткамі ўласнай культуры. На жаль. Кірыенка наўпрост агучыў пазіцыю, якой прытрымліваюцца вашы тата і мама, або сябры, або каханыя, або бос на працы.