Зьнясіленыя дзеці «сацыяльнай дзяржавы»

Беларускія чыноўнікі адчуваюць поўную беспакаранасць. Калі 50 дзяцей, што жывуць на дзяржаўным забесьпячэньні, павольна паміраюць ад голаду, бо адказным дзяржаўным асобам няма да іх аніякай справы, — гэта катастрофа нацыянальнага маштабу. І ні за якімі статыстыкамі, дзірамі ў бюджэтах і прафэсійнымі выгараньнямі немагчыма схаваць гэтую жудасную беларускую рэальнасьць, у якой няма месца дзецям з «нулявым прагнозам прыходу да нормы». Пяцьдзесят дзяцей (і гэта толькі ў адным інтэрнаце), якія адчуваюць боль, справядліва злуюцца і дэманструюць злосьць даступнымі ім сродкамі, ускалыхнулі нас так, як нішто, здавалася, не магло б ускалыхнуць.