Васіль Быкаў: 20 фактаў біяграфіі

19 чэрвеня – дзень народзінаў народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава. Васіль Быкаў прыгадваў, што памятае сябе «позна, можа, гадоў зь пяці. Абодва мае самыя першыя ўражаньні аб сьвеце зьвязаныя з возерам» (гутарка з Алесем Адамовічам), паведамляе «Радыё Свабода». У шостай клясе Быкаў знайшоў дарэвалюцыйнае выданьне «З гарматы на Месяц» Жуля Вэрна і пераклаў яе на беларускую мову. «Сьпісаў дзесятак вучнёўскіх сшыткаў. А пасьля даслаў ліст у „Піянер Беларусі“ з пытаньнем, куды мне паслаць пераклад. Атрымаў адказ з тлумачэньнем, што калі ёсьць тэкст расейскі, дык навошта беларускі, у нас вывучаюць расейскую мову, таму прачытаюць і па-расейску» («Пункціры жыцьця»).