![]()
Ніл Гілевіч лічыў, што самае галоўнае для краіны — мова, а песьню Касіў Ясь канюшыну называў псеўданароднай і грубай. 29 сакавіка ў 18 гадзін 30 хвілін памёр Ніл Гілевіч. Яркі, высокі, прыгожы, артыстычны, — ён нязьменна прыцягваў увагу і быў такім жа запамінальным, як і яго творы. Нястомны трыбун, паэт адкрыта-публіцыстычнага гучаньня (уплыў яго любімых Янкі Купалы і Пімена Панчанкі), ён быў таксама выключным сатырыкам («Сказ пра Лысую гару», створаны супольна з Міколам Аўрамчыкам) і выдатным навукоўцам, нагадвае «Радыё Свабода». Яго — стваральніка па-сапраўднаму народнага твора «Родныя дзеці», аўтара тэкстаў да папулярных песень, выключнага пэдагога — любілі і чыталі, не толькі нацыянальна заангажаваная публіка, але і просты люд, звычайныя беларусы.