Гомельскіх школьнікаў вучаць беларускай мове і гісторыі ВКЛ пры дапамозе гульні «Кемлівы кот»

Беларускі варыянт папулярнай гульні «Што? Дзе? Калі?» для дзяцей распрацавала студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ліда Лешчанка. З ініцыятывы Ліды Лешчанкі ў школах абласнога цэнтару сталі ладзіць інтэлектуальную гульню «Кемлівы кот». У суботу, 19 сакавіка, з падтрымкі пэдагагічнага калектыву гульня праходзіла ў гарадзкой сярэдняй школе №11. Паўсотні кемлівых вучняў з васьмі школаў ды гімназіяў прыехалі сюды падужацца сваёй дасьведчанасьцю ў беларускай гісторыі, культуры й мове. Дырэктарка школы Натальля Літвінава, адкрываючы турнір, заўважыла, што ён асаблівы, бо ладзіцца выключна па-беларуску:«Упэўнена, што пераможа каманда, якая зазьзяе ня толькі інтэлектам, але й веданьнем роднай мовы».