![]()
Споўнілася 90 год з дня народзінаў Кастуся Акулы - пісьменьніка і журналіста, грамадзкага дзеяча і выдаўца, аднаго з заснавальнікаў Згуртаваньня Беларусаў Канады. Кастусь Акула быў ці ня першым пісьменьнікам з пасьляваеннай хвалі беларускай эміграцыі, кніга якога патрапіла ў мае рукі. Гэта было ў мой студэнцкі час у Варшаве, у 1982 або 1983 годзе. Калега прынёс у студэнцкі інтэрнат кнігу пад незвычайным загалоўкам «Змагарныя дарогі», выдадзеную ў 1962 годзе. Месца выданьня было пазначана як «Торонто-Мюнхэн», і гэта таксама мела на той час свой шарм.