«Элеанора» - і ўсім ясна

Калі я прачытаў сумную навіну і сказаў жонцы - «Элеанора памерла», у адказ было - «Які жах!», а я падумаў, што гэта адзіная ў Беларусі жанчына, да імя якой не абавязкова было дадаваць прозьвішча. «Элеанора» - і ўсім ясна. Без Элеаноры Язерскай Менск ужо ня будзе ранейшым Менскам. Ва ўсялякім разе для мяне. У 70-ых яе праграма - ці не адзінае, што я глядзеў на БТ. Яна ня мела нейкага асаблівага дачыненьня да таго, што сёньня называецца Адраджэньнем, але пачатак 90-ых, без яе ўявіць немагчыма. Калі гадоў праз 50 пра той час будуць здымаць кіно – аўтарам давядзецца яе ўпісаць у лік пэрсанажаў, інакш карціна ня будзе праўдзівай.